Вверх
Вниз


«Непрытомнасць» от Лесли Найфа. Главы 1-4

«Непрытомнасць» от Лесли Найфа. Главы 1-4

Оцените экстремизм материала:

Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

ХОТИТЕ ПОМОЧЬ РЕДАКЦИИ ШАКАЛА?

Оформите регулярные пожертвования на Patreon;
Купите нашу книгу «Хроники "Нестора" — история «Музыкальной газеты» и «М-журнала»;
Или просто налейте нам рюмочку 

Лесли Найф, вокалист беларуско-литовской группы Gods Tower, помимо другой своей деятельности давно пробует себя и на литературном поприще. И тут правильно будет сказать, что начинал Владислав Новожилов именно как писатель, но прославился вот как музыкант. Но находясь в эмиграции заниматься музыкой сложно, может быть поэтому Лесли Найф стал в последнее время активно «налегать на прозу». Его новое сочинение под названием «Непрытомнасць» мы и представляем читателям Шакала — эксклюзивно и бесплатно!

Фантасмагория? Гиперреальность? Или может быть вой иммигранта? «Непрытомнасць» выглядит как погружение в сознание человека, оказавшегося далеко от своей родины, и пытающегося найти её… в самом себе.

Сегодня мы публикуем первые четыре главы повести. Окончание здесь.

«Непрытомнасць»«Непрытомнасць». Январь 2024

Частка першая. Нейрасеткі

Калі найцікавейшыя часы майго жыцця засталіся за спінай, і я ўжо мог з іранічным гонарам клікаць сабе «старым бздуном» — а гэта не зусім абразліва ў маім асяроддзі — пайшла мода на нейрасеткі.

Гэтым часам жа ішла амаль сусветная вайна, якую Расія развязала ў Украіне, а мой народ быў выгнаны з радзімы — не цалкам, а толькі тыя, хто хацеў жыць не пад дубцом. Не тое, што астатнія хацелі жыць пад дубцом, усё складаней, канешне; але так атрымалася, што я таксама быў вымушаны пакінуць радзіму.

Але, нейрасеткі.

Навокал адбываўся люты бедлам, і людзі, якія зараз атрымлівалі штодзённа любой інфармацыі ў процьму раз больш, чым калі-небудзь у сваёй гісторыі — яны заўжды былі стомлены ад гэтай інфармацыі.

Нас жыццё да гэтага не рыхтавала.

Наогул, за апошнія сорак год Сусвет памяняўся беспрэцэдэнтна. У нас фактычна адбылася неалітычная рэвалюцыя з прыходам бронзавага веку разам, але ўсё гэта ў паскораным у колькі тысяч раз тэмпе. Ну, можа, ў адну тысячу раз.

Змены, насамрэч, такія істотныя, што мы проста стаміліся іх усведамляць. Мы проста сталі плыць у гэтым патоку свядомасці.

Адны кажуць, што мы развучыліся думаць — неяк кліпава абмяркоўваем усё. Мне здаецца, не зусім так, бо калі б мы развучыліся думаць, ці стаў бы Марс планетай, залюдненай робатамі? Гэта ж зрабілі не тыя людзі якія пыталіся ў маёй, некалі, генерацыі: «Калі вы такія разумныя, хулі строем не ходзіце?!»

Гэта наогул зрабілі не людзі, якія займаліся самаабмежаваннем у імя чаго-небудзь. Канешне, Непал і Бутан высока духоўныя краіны, але інтэрнэт там не Гаўтама вынайшаў, яго фарангі прывезлі на шайтан-арбе.

Дык вось, мы не развучыліся думаць, а здарылася іншае — чалавецтва пачало жыць у патоку свядомасці, у стане, які раней сабе маглі дазволіць толькі асабліва прасунутыя пісьменнікі, масткі і музыканты.

Можна сказаць, усе шызануліся, і гэта ў нейкім сэнсе будзе праўдай.

Змяніліся прапорцыі.

Раней, большасць чалавецтва была не творчай, яна займалася зусім празаічнымі рэчамі. А калі сумленна, дык выжываннем. І што важна, большасць людцаў думала выключна рацыянальна, кшталту — трэба зрабіць гэта, таму што заўтра будзе нема што жэрці, а калі не буду жэрці, я буду кволы і не буду здольны суседу галаву тапаром знесці, а то ці мала? Гэта метафара, безумоўна; але было няшмат асобаў, хто наогул наважваўся глядзець у неба ды варон лічыць.

Тое, што зараз клычацца бёрдвотчынгам, раней было прыкметай ідыятызму.

А значыць, зараз проста большасці жывых нішто не перашкаджае быць творцамі.

Уявіце сабе старажытную вёску, дзе большасць жыхароў вершы прыдумляе ды на дудзе грае.

Гэта немагчыма.

Чаму так атрымалася — я не хачу разважаць, без мяне ўжо даўно ўсё развалтузілі.

Але, атрымалася так, што мы стаміліся стамляцца ад новай інфармацыі. Мы рашуча панізілі парог уваходу ў мастацтва (што наогул не робіць сапраўднае мастацтва нізкаякасным, бо другасныя аўтары ў гэтых умовах і самі доўга не функцыянуюць, і іх творы больш дня не дыхаюць), з’явіўся натоўп інфамахляроў, якія абяцаюць квантавую фізіку за восем хвілінаў растлумачыць, усё перакульнулася дагары нагамі. Найгоршае, што пачаліся сацыяльныя і (як я ненавіджу гэтае слова) геапалітычныя працэсы, усё гэта балюча вельмі. А, кавід яшчэ быў — я тады амаль не памёр, цудам дактары выцягнулі з таго свету за сапель з носу… кавід да таго ж і не сышоў нікуды, побач шкандыбае.

Мы стаміліся стамляцца думаць рацыянальна, і тут да нас проста з космасу далучыліся нейрасеткі. І яны далі адказ — як нам думаць і як выжываць.

Цяпер нам стала зразумела, чаму размаўляць і кеміць так, што адна думка ганяе другую сраным венікам, накатвае адна на адну — нармальна, калі замест адзінага патоку ў галаве пераплятаецца мноства іх і думкі з адной галавы пераплятаюцца з думкамі — на хвілінку — усяго чалавецтва, а праз то здаецца што стаіць аглушальны гоман і наогул — хаос!

Мо мы і ішлі да таго, каб стаць нейкай нейрасеткай?

Я пішу гэты твор для таго, каб паспрабаваць адчуць сабе не Праметэем, а R2D2.

Бо і чалавекам, як было раней, я трохі стаміўся быць. Хачу перайсці на новы ўзровень. Забяру тое, што мне здаецца найлепшым і найкарысным, а тое, што цягне мяне ў тую вёску, дзе я не выжыву — пакіну ім, тым, хто захоча застацца ў той версіі Антрапагену.

Частка другая. Горад

Мне часам здавалася, што ў гэтым горадзе апроч мяне таксама хтось жыве.

Усё, што я ведаю — гэта сваё месца жыхарства, што яго атачае і што далёка я не магу хадзіць.

Горад вялікі, у ім поўна жылфонду, у ім ёсць крамы і кінатэатры, і ўсё гэта ёсць пустым.

Калі я спускаюся з другога паверху і выхаджу ва ўтульны пусты дворык, дзе нікога няма і нават птушкі не спяваюць, я ведаю, што магчымасці цікаць у мяне няма.

У мяне баліць лагво і сцягно, мне іх дапамаглі вывесці са строю ў турме. Нас там ганялі па катакомбах — па адчуванню кіламетр ці два. Бегчы трэба напаўсагнутым, бо столі невысокія, а па баках стаяць менты, усміхаюцца і гуляюць дубцамі. То бок, не здолеў дыстанцыю — атрымай адзнаку дубцом. Адзнаку я не хацеў, я хацеў выжыць, таму гасаў як усе. Высунуўшы язык, страчваючы дыханне і жадаючы толькі каб гэта ўсё скончылася. Калі штось у сцягне храбуснула, я пастараўся не звяртаць увагі, проста працягнуў жыццё ў шарэнзе.

Тады мы дабеглі да камер, дыхавіца мяне катавала яшчэ доўга-доўга, я яе хаваў, але не вельмі атрымлівалася… І калі нас закінулі ў камеры, я паклаўся на нары і ўпільнаваў у ярус нараў вышэй. Мая свядомасць адключылася. Што ў мяне з лагвом, мне было да ліхтарыка.

А потым яно так сабе зажыла, як на сабаку, я і забыўся.
Потым было шмат падзей, і тое што храбуснула колькі раз храбусцела зноў, і зноў зажывала, і так пакуль не стамілася зажываць. І вось я хаджу з трысцінай. Не далёка, канешне, але хаджу.

Я хаджу ў краму, у якой няма нікога, але на паліцах можна знайсці нейкі тавар, які дапамагае мне жыць. Кансервы там, крупы. Каб дайсці да крамы, трэба шкандыбаць паўгадзіны ў места, каб выйсці з крамы — трэба расказаць верш, ці анекдот. Інакш дзверы застануцца зачыненымі.

Звычайна я бяру мінімальны набор ежы, каб не вельмі цяжка і не надта фанабэрыста. Звычайных спагеці, цёртага сыру і паўфабрыкатных катлет дастаткова, хаця наогул, каму цікава, чым я вячэраю. Набіраю заплечнік жрадла і іду на выхад.

Дзверы зачынены.

Я пракашляюся і пачынаю дэкламаваць:

«Мы паспелі ўратавацца
Але боль не знікла, не.
Той, не мае рацыі
Хто скрыгоча ікламі
У нябесным горадзе,
Віснем як іканастас
Цягнем рукі, хто і дзе
Зачапляйся, і да нас
Мы высока, ўнізе мы
Але боль на ўсіх адзіны
Ад зімы зноў да зімы
Засталіся без радзімы»

Потым пануе цішыня. Крама разумее, што дадзены верш працягу не мае і расчыняе дзверы. 

Без скрыгату. Дзверы расчыняюцца з гукам, які нагадвае лёгкі стогн. Так звычайна ранкам стогнеш, калі ўздымацца не ахвота, а на працу ісці трэба.

Вось я выйшаў на вуліцу, спыніўся ацаніць надвор’е. Ісці мне зараз толькі дадому, бо хаця маі дарогі не заблакаваныя ні ў які бок, маі мазгі так не працуюць. Яны працуюць досыць глючна.

Я гляджу на шматпавярховікі перад сабой і бачу восень. Восень звычайная, з вятрамі, з хмурымі нябёсамі і дэпрэсіяй, якая бачна на даляглядзе, якой няма краю. Птушкі лятуць у вырай, а саўндтрэкам да гэтага ўсяго — шамаценне травы і лісця.

Раптам у маіх вачах міргае і пачынаецца зіма. Сцюдзёная, але зусім без снегу. І без сіверу. Ніякая зіма. Проста, як факт і ў імгненні — жыві цяпер з гэтым.

Паўгадзіны я іду да хаты, я мінаю магістраль, на якой няма аўто, я мінаю мост, па якому ніхто не ходзіць, я мінаю невялічкі лес, гаражы, якія даўно разбураны, дзіцячую пляцоўку, дзе ніхто не гуляе і сметнікі, якія ніхто не папаўняе і ніхто не вывозіць, і нарэшце прыбываю ў пункт прызначэння.

Здаецца, звычайны шматпавярховік савецкай эпохі.

Вялізарная фартэцыя, складзеная ў адзін жылы блок з чатырох жылых дамоў. Жыў бы тут без гора, але не магу без прыгод і фокусаў падсвядомасці, таму мой дом — гіперкуб.

Паднімаюся на другі паверх, адчыняю дзверы, як заўжды думаю, чаму я не займу кватэру на першым, дзе ніхто не жыве, захаджу ў хату і працягваю жыць па інерцыі.

«Сёння я ўжо нікуды не пайду. Паліва скончылася» — думаю я, і маю я на ўвазе зусім не макароны.

Я раблю сабе кубак гарбаты з мёдам, саджуся ля кампутара (як належыць калі ты жывеш у непрытомнасці, маецца і электрычнасць і інтэрнэт, толькі няма для каго гэта раскоша) гляджу ў вакно і разумею, што калісьці, у іншым жыцці так выглядала вуліца ранкам Новага году. Калі ўсе пападалі, альбо пахаваліся па прытулках.

Ранак новага году, на стужке Мёбіуса.

І я тут жыву. І часам здаецца што не адзін, але то зрэдку.

Частка трэцяя. Кот

Часам мяне наведвае адзін прывід. Гэта шэры кот. Здаецца, я калісьці вельмі блізка ведаў гэтага коціка і меў з ім добрыя адносіны.

Але зараз кот дэманстратыўна не ішоў на рукі і аддаваў перавагу дыстанцыі. Асноўны час ён бавіў на балконе і паліў нейкі незразумелы тытунь.

Так, з ягонага рота тырчала самакрутка і павольна дыміла. Я колькі не зорыў, так і не ўкеміў, ці ўзацяжку ён паліць, ці не. Надта філасафічна гэта выглядала, але мяне чамусьці зусім не дзівіў кот, які паліць цыгаркі на балконе. Тут, як кажуць, кантэкст важны, а я праўды цалкам не ведаю.

Яшчэ адна цікавая дэталь — на рукі кот не толькі не ішоў сам, падобна на тое, што ў яго было нейкае абмежаванне фізічнага характару.

Напрыклад — я сяджу ў пакоі з балконам і назіраю коціка, які сабе зацішна дыміць і зрэдку глядзіць у мой бок. Я ўзнімаюся і іду на балкон, з мэтай сустрэцца з жывёлай сам-насам, і вось калі я толькі перасякаю мяжу паміж балконам і пакоем, сам апынаюся на балконе — кот імгненна тэлепартуецца ў пакой, у раён шафы, дзе ён ужо без цыгаркі проста вывучае прастору. На балконе тым не менш усё ж такі застаецца водар самакруткі, і нават бачны клубы дыму, якія развейваюцца.

Ну часам ката перамыкала і ён мог узнікнуць у не асабліва чаканым месцы. Напрыклад, ён мог матэрыялізавацца ў паветры пасярод калідора ці ваннага пакою, у стане левітацыі, але выглядала гэта так, быццам ён проста валяецца на канапе і вылізвае поўсць — старанна і сканцэнтравана, не звяртаючы ўвагі зусім ні на што.

Толькі зрэдку ён пачынаў вастрыць вушы і прыслухвацца да свету, нешта разглядваючы пільна ў сценах кватэры. Але гэты сігнальны збой не затрымліваўся, кот хуценька зноў пачынаў мыцца, а як памыецца — на балкон, паліць.

Такім чынам кот існуе толькі ў рэжыме недатыкальнасці. І мы калі і будзем камунікаваць, то выключна праз тэлепатыю.

Гэты ж гад мне аніводнага слова не пракаўкал дагэтуль.

Я сяджу і назіраю за тым, як коцік паліць на балконе і спрабую зразумець, чаму я не магу да яго дакрануцца, чаму ён існуе ў маім свеце ў якасці прывіду.

Адзіная версія, якая мне лезе ў кепалу — тое, што гэта такая праява свабоды. Каты ж яны найвальнейшыя жывёлы сярод усіх, што я за жыццё бачыў.

Кот, ён — кот. Ён нікаму не падпарадкуецца, і калі да цябе падыходзіць, дык толькі таму што сам так вырашыў. Мо нешта ў табе знайшоў цікавае і сяброўскае, а мо проста пашкадаваць вырашыў, а то што ты як лайно ў палонцы.

Плывеш па жыцці.

А інакш кот робіць, што яму хочацца. Хоча паліць на балконе — паліць на балконе, хоча левітаваць у калідоры — левітуе ў калідоры. Вольны звер.

Пакуль я думаў так, гледзячы на тварыну, крыху зайздросцячы і рамантызуючы сапраўдную сітуацыю, на вуліцы зноў нешта глюканула і пачаўся моцны снегапад.

Пачалася насамрэчная завіруха. Узняўся досыць моцны сівер і я парадаваўся, што нядаўна прыйшоў з крамы і мне няма неабходнасці поўзаць хаця куды ў нягоду.

Не зусім сінхранізуючыся з надвор’ем я падумаў, што ўсё выглядае так, быццам з рэальнасці ў маім свеце засталася гэта карцінка за вакном і кот, які не факт, што не вынік гульні маёй фантазіі.

«І чаму ўласна так мне выпала?»

Потым я зноў зірнуў на ката і зазначыў, што той пачаў пускаць дым кольцамі, толькі не стандартнымі такімі вялікімі, а маленькімі такімі. Ён дыміў цыгаркай як гэта магчыма рабіць толькі мыльнымі бульбаткамі — шмат шмат дробных і пара вялікіх. Мне здаецца, што ў дыму і колер быў такі ж адмысловы, але зараз гэта досыць цяжка сказаць дакладна.

Я спачатку паспрабаваў лічыць гэтыя кольцы, але хутка заблытаўся і махнуў на гэту справу, як кажуць, галлём.
Але калі я пачаў страчваць да гэтай кацінай імпрэзы цікавасць, у мяне ўнутры галавы нешта гучна дзынкнула.
«Бо ты сам ад усіх адгарадзіўся»

Думка гэта, яўна ўкінутая мне ў мозг звонку — я ўпэўнены — належала кату, які працягваў на балконе паліць з такім выглядам, быццам нішто смачней за гэты дым у жыцці не ведаў.

Адным словам, кот упарта ігнараваў маё існаванне, альбо рабіў выгляд што ігнаруе.

Ну і я так зрабіў, я пайшоў сабе на кухню рабіць гарбату. У такое надвор’е самы раз.

Але спакойна папіць гарбаты мне не атрымалася. Я ўжо казаў, што мне часам здаецца, што я тут не адзін, дык вось маі засцярогі пачаліся ажыццяўляцца.

Частка чацвёртая. Бахарэвіч вылазіць з лядоўні

На кухню я быў вымушаны рухацца хутка, бо там відавочна нешта адбывалася.

Хтосьці грукаўся знутры лядоўні, хтосьці хацеў вылезці адтуль замест перакусу.

Вось так бывае, ты збіраешся зрабіць асалоду сваім дурным звычкам, набіць трыбуха, летуцець у ляноце, дэградаваць як божанька, а ў тваё жыццё ўрываецца нехта, каго ты наогул не чакаў і вымушае рэагаваць.

Я зайшоў на кухню, а там была адчыненая лядоўня. З яе, прычым, заціснуты праміж дзвюх паліц вылазіў задам наперад Бахарэвіч.

Ён вылез, апрануты ў нейкі банкетны ўбор, лакаваныя пантофлі, бэзавы аднабортны касцюм з-пад якога выглядала атрутна-жоўтая кашуля з гальштукам-шнурком колеру мне зусім незразумелага. Мне яшчэ запамятаваліся ягоныя шкарпэткі ў стылі канадскага сцягу — ну, мо праз то, што Канада наогул, як вядома, ва ўсім вінная.

Вылез Бахарэвіч з лядоўні задам, пстрыкнуў абцасам разварочваючыся да мяне і я зазначыў, што ў зубах у яго тырчыць зялёная цыбуля.

Трафей з лядоўні, хутчэй за ўсё, а мо ён толькі што з Італіі — я не ведаю.

Ён зрабіў колькі рухаў сківіцамі, узняў да столі ўказальны палец левай рукі і сказаў:

«Пад гэтым знакам пераможаш!»

Я, канешне, не быў надта здзіўлены такім пачаткам гутаркі, бо і так усё навокал не надта ардынарна выглядае. Тым больш, калі твой суразмоўца з'явіўся ў тваёй кватэры такім чынам.

Але на ўсякі выпадак вырашыў удакладніць:

«Пад якім знакам? Палец ці цыбуля, што пераможнае?»

Бахарэвіч тым часам ужо заняў крэсла ля вакна і закінуўшы нага за нагу сказаў:

«Гэта няважна. Любыя знакі ты сам назначаеш. То бок, убачыў ты, напрыклад, цыбулю — залежыць ад цябе — якім знакам ты яе прызначыш, і ці прызначыш яе знакам наогул. 

Ці будзе ў яе семантыка, ці не. Так што выбірай — палец ці цыбуля, і што гэта для табе. Ці нішто для табе гэта».

Я сеў насупраць пісьменніка і нейкі час мы сядзелі моўчкі. Ён бязгучна (амаль) комчыў цыбулю і зорыў у вакно, а я глядзеў то на яго, то на лядоўню і ўвогуле думаў, што тут скажаш.

З Бахарэвічам я перасякаўся двойчы ў жыцці. Адзін раз гэта адбылося на сустрэчы палітэмігрантаў, якую ладзілі нашы праваабаронцы пад эгідай літоўскіх уладаў. Тады нам прэзентавалі план падтрымкі беларускай культуры ў эміграцыі, ці нешта такое і я, памятаю, выйшаў адтуль з адчуваннем таго, што ўсё гэта рухаецца міма мяне і я, як быў маргіналам на радзіме, так ім і за межамі застануся.

Але. Бахарэвіч. Ён там быў, я яго ўбачыў і нямала здзівіўся, а здзівіўшыся, займеў нахабства і выпрасіў з ім сэлфі. Ён не адмовіў, я падпісаў сэлфі з ім у Інстаграме неяк кшталту
«Сенсацыя! Бахарэвіч існуе, ён сапраўдны». Ніхто не пытаў асоба, чаму я так напісаў, але праўда такая, што я да таго наогул думаў, што Бахарэвіч гэта такі Ісус, якога насамрэч не існуе, а яго прыдумалі каб было.

Гэта таму, што пра Бахарэвіча мне ў вушы лілі прыкладна адусюль, усе аб ім казалі як аб божаньку.

Грукае нехта ў дзверы, а ты чакаеш, што зараз там нейкія піянеры (неабавязкова) спытаюць, ці маю я час паразмаўляць аб Госпаду нашым, Альгердзе?
А потым я яго ўбачыў, і зусім ён не падобны быў на месію, а звычайны ўзважаны чалавек з пачуццём годнасці.

Пазней мы яшчэ раз сустрэліся навертам, гэта было ў Пражскім аэрапорце. Я вяртаўся дамоў з працоўнай камандзіроўкі, а ён — ну не ведаю, напэўна з якой важнай сустрэчы, самі прыдумайце. Калі я з ім павітаўся, маўляў, тое-сёе, бачыліся ў Вільне, ён глянуў так праз мяне, што мне стала сорамна за то, што я зроблены з шкла. Хаця я і разумею, што ён мяне проста выключыў з архіваў сваёй памяці, і такіх як я «выпадкова бачыліся ў Брагіне» у яго процьма (у рэшце рэшт я таксама далёка не ўсіх памятаю, хто на канцэрты маі хадзіў — памяці не хапае) — але тут чорт на маім плячы такую істэрыку закаціў, што я пакрыўдзіўся і з ганарліва ўзнятым да гары шнобелем крочыў на свой самалёт.

Тыпа такі — вельмі трэба!

А вось зараз, падсвядомасць мне прыслала такога вяшчальніка. Сам спадар Бахарэвіч.

«Напэўна, цяпер да мяне будуць зʼяўляцца такія ўяўныя сябры, да каго ў мяне маецца падобная недарэчная прэтэнзія… Уё, курва…» — я ў думках схапіўся за галаву, гадаючы, хто можа яшчэ мяне наведаць у такім фармаце.

Я збянтэжана пакірхаў і сіпла запытаў: «Такім чынам, з якой нагоды візіт? Чым абавязаны?»

Альгерд павольна развёў рукамі і сказаў, што ніхто нікому нічым не абавязаны, але тут ён знаходзіцца па добрай волі і патрабуе гэта ўлічваць.

«Як і ўся твая ўяўная сябрына, яка можа наведаць цябе ў любы момант, я з’явіўся тут каб узняць табе настрой. Хаця, ты, канешне, усведамляеш, што я не стэндапер і не праз жарцікі гэта буду рабіць. Калі наогул у мяне гэта атрымаецца».

«Мая ўяўная сябрына?» — перапытаў я.

«Так, а што бянтэжыць? Пачнём з таго, што ўсе твае думкі аб самоце не маюць пад сабой аніякай глебы і сяброў у табе хапае».

«Уяўных? О, гора мне».

Бахарэвіч выцягнуў руку, спыняючы мяне.

«Стоп, уяўных толькі таму, што інакш да табе не дабрацца. Сюды інакш проста не заглыбіцца».

«Тлумачальную брыгаду, калі ласка. Куды сюды? Я знаходжуся дома і навокал акурат тое, што з’яўляецца рэальнасцю».

«Што ты клічаш рэальнасцю, тое, што бачыш, ці тое, што хочаш бачыць? Хвароба беларуса. Мне і так утульна, так хай гэта будзе рэальнасць. У мяне тут кот, закатачкі, зіма за вакном, я так звыкся. Так звыкся, што нават падумаць не магу аб тым, што наогул існуюць іншыя варыянты быцця. Але так гэта не працуе».

«Я не маю закаткаў, я іх не раблю і не набываю».

«Закатка — гэта прыкмета хатняй утульнасці звычнага ладу жыцця. Ты ж пісьменнік, ты мусіш разумець сімволіку!»

«Я цяпер пісьменнік?»

Я усміхнуўся.

«Ну вось, прагрэс так прагрэс. Можна лічыць, што мяне ў рыцары прынялі. Спадар Бахарэвіч прызнаў мяне пісьменнікам, а з якіх часоў…»

«Хвілінку», — перабівае тут мяне ён — «А хіба я гэта адмаўляў калі-небудзь?»

Я задумаўся. Ну так, ніколі не адмаўляў, з верагоднасцю 99 адсоткаў ён нават не ведаў што я існую на літаратурным поле. Да таго ж я заўжды як дурань ганарыўся сваім маргінальным статусам і што, вось не клічуць на бамонды і не трэба, сапраўднаму індзейцу заўжды скрозь нішцяк. Мо дарма выёжваўся, трэба было неяк больш актыўна пра сабе заяўляць?

Звычайна ж мая пісьменніцкая дзейнасць выглядае прыкладна так: я пішу нейкі опус, публікую яго на пляцоўках, якія даступны — як правіла, там прэстыжнасць мінусавая — і чакаю, калі да мяне прыйдзе сусветная слава.

А ў працэсе чакання валяюся на канапе і шкадую свой геній, які не прызналі.

«Ну так» — пагаджаюся я — «Лішняя іранічнасць, не да месца. Выбачаюся».

Альгерд прымірэнча хмыкнуў:

«Гэта ў мінулым, да таго ж, такія пачуцці, бывае, і мяне накрываюць».

«З чаго раптам так, ты, здаецца паспяховы і запатрабаваны грамадзянін, і хаця я не ведаю дэталі тваёй кар’еры, здаецца яна не выглядае як шлях у цемры».

«Таму што ты яе ў дэталях не ведаеш. Эпізодаў, калі хацелася таксама легчы на канапу і, перакрыжаваўшы рукі, глядзець у столь, шкадаваць сабе — такіх эпізодаў было досыць. Проста я меў мэту і ішоў да яе. Я збіраўся пісаць па-беларуску і так і рабіў. А калі накатвала дэпрэсія, я працягваў пісаць і камунікаваць па-беларуску, праз роспач і адчай, праз «не хачу». Так я ратаваўся. Калі ты акрэсліўся з мэтай, якую можна апісаць у адным сказе — жыць будзе значна лягчэй. Таму што будзе мінімум месца для сумневу і дурных думак. Дарэчы, зрабі і мне гарбаты, таксама як і сабе — чорнай, без цукру, а то, ведаеш, з прысмакам цыбулі ў роце дыскутаваць не вельмі зручна».

Я кіўнуў галавой, уключыў прыладу каб закіпела вада і дастаў з шуфлядкі пакетаваную гарбату. У рэшце рэшт я на кухню ішоў не з літаратарамі размаўляць, а папіць гарачага.

Калі гарбата была разліта па кубках, мы працягнулі гэту дзіўную гутарку.

Пад гарбату мы абмяняліся думкамі на розныя тэмы, гаварылі наконт літаратуры, музыкі і кіно. Я, хаця і падтрымліваў размову як мог, але з кожнай хвілінай адчуваў сабе ўсё большым галганам, бо пра музыку яшчэ тое-сёе я мог сказаць, а калі пра літаратуру загутарылі, у мяне галава закіпела ў пошуках сэнсаў.

Але Бахарэвіч гэта бачыў і рэзка мяняў тэмы размовы, бо яўна не збіраўся скінаць маю самаацэнку за ліштву ніжэй.
Калі я выразіў сумнеў у тым, што дастаткова ведаю беларускую мову наогул для таго, каб рабіць на ёй сур’езныя экзэрсісы ён сказаў: «Вось ты размаўляеш па-беларуску? Я — не, ані слова не разумею, а хто размаўляе па-сапраўднаму? У нас такая складаная мова, што беларус аддае перавагу вывучыць ангельскую і, божа збаў, расейскую, абы не катавацца вывучаючы магічнае і немагчымае «як слышыцца, так і пішацца». Так што гэта зусім кволая адмоўка. Тое ж самае пра тваю зданнёвую дасціпнасць, тое што ты казаў — людзі да цябе ідуць, а ты вочы адводзіш. Лайно ўся тая сарамяжлівасць. Няма карысці ані людзям, ані табе. І ў госці хадзі сам і да сабе запрашай. Таму што ўсе твае бянтэжкі «у хаце пабуду» — гэта дарма загінуўшыя нейроны, недараспавядзёныя гісторыі і ненароджанные ідэі. Кожны раз, калі ты пачынаеш енчыць і не ідзеш на сустрэчу, на якую запрасілі — гэта магчымасць, якую ты забіваеш. Народ у «Пагоне» абмяркоўвае кіно, якое табе не спадабаецца, ці сінгл, ад якога табе адварочвае — хадзі проста праспрачацца. Гэты абсентызм, насамрэч, дурная думка. Калі ты не наведваеш сябрыну, нават не гледзячы на тое, што не ўсіх там цалаваць хочацца — ты не дапамагаеш людзям».

Я было хацеў пярэчыць, што сярод нашых больш чым хапае і крэатыўных і паважаных і свежых людцаў, каб нішто на месцы не стаяла, але Альгерд мяне выперадзіў: «І гэта толькі здаецца, што нас тут амаль уся краіна, што ўсяго на ўсіх хопіць. Тут не трэба марамі сябе цешыць, нас насамрэч меншасць і менавіта таму нам патрэбны кожны. Нягледзячы на тое, што ён сабе думае і які цэннік сабе на лоб лепіць».

Бахарэвіч раптам спыніўся, быццам нешта пачуўшы, паставіў на стол пусты кубак і паглядзеў на свой гадзіннік. Канешне ж, як джэнтльмен, ён насіў на прыдалонне сапраўдны гадзіннік і я не ведаю якой маркі. Але ўбачыўшы ягоную прыладу, я згадаў, што ў мяне ёсць «Луч», які мне падарылі на працы, гадзіннік круты і харызматычны, праблема што там парвалася дзяжка і натуральна здохла батарэйка. А што, калі…

«Так, гэта спраўная думка! Наведай гадзіншчыка, вядома. А потым вяртайся да нас».

Ён сказаў гэта з такім выглядам, нібы тэлепатыя была адной з умоў нашай сустрэчы. Ад такой упэўненасці ўсе маі пытанні зніклі і я толькі кіўнуў галавой у знак згоды.

А спадар пісьменнік бачна што ўжо збіраўся кудысьці ў іншае месца.

«Так, трохі лёду я растапіў, так што магу пакідаць твае апартаменты праз выцяг! Ну, бывай, камрад!»

Ён падышоў да пліты, уключыў выцяг, і махнуў мне рукой, выпарыўся разам са старым паветрам.

Звычайная справа, калі ты сапраўдны пісьменнік.

Я наблізіўся да вакна і зазірнуў туды. На вуліцы было цёмна і лупіў бязлітасны халодны дождж.

У маім кубачку заставалася астылая гарбата, што я звычайна не вельмі шаную, але зараз я цадзіў яе марудна і спрабаваў разглядзець што там за дажджом. На імгненне мне падалося, што там свеціць сонца і гуляюць людцы, але імгненне хутка скончылася. Мяне зноў агартала непрытомнасць.

Если вам нравится творчество Лесли Найфа, то вы можете поблагодарить автора, подписавшись на его Patreon здесь.


Все тру-шакалы только в этом Телеграме! ПодписывайсяТелега

Компонент комментариев CComment