Вверх
Вниз


«Непрытомнасць» от Лесли Найфа. Окончание

«Непрытомнасць» от Лесли Найфа. Окончание

Оцените экстремизм материала:

Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

ХОТИТЕ ПОМОЧЬ РЕДАКЦИИ ШАКАЛА?

Оформите регулярные пожертвования на Patreon;
Купите нашу книгу «Хроники "Нестора" — история «Музыкальной газеты» и «М-журнала»;
Или просто налейте нам рюмочку 

Продолжаем наше погружение в философские глубины господина Лесли Найфа. И финальные главы его повести говорят нам о том, что читателю по-прежнему не будет легко — в оставшейся части «Непрытомнасцi» нас снова встретят говорящие коты вперемешку с реальными (или все-таки нереальными?) людьми и персонажами.

Сегодня мы публикуем финальные главы «Непрытомнасцi». Первую часть повести можно прочитать здесь.

«Непрытомнасць»«Непрытомнасць». Январь 2024

Частка пятая. Інтэрмедыя 2

Я іду пасярод гомельскай вуліцы, калі ўжо пануе прыцемак. Ліхтароў няма, таму цёмна, як у чорта ў шапцы. Я іду са сваім братам, і, здаецца, усё добра. У яго ў руках нейкі ці то магнітафон у паменшаных памерах, ці друкавальная машынка. Прылада, зразумець назначэнне якой цяжка.

Мы ідзем пешшу, нарэшце заварочваем на іншую вуліцу.

Насустрач едзе нейкі грузавік, які слепіць фарамі нам у твар. Я лаюся, але кіроўца не чуе. І вось ён прыязджае міма нас, спыняецца, высоўваецца з акенца кіроўцы, цягне доўгую чорную руку і спрабуе скрасці гэты магнітафон. Брат як можа абараняе сваю ўласнасць, але плёну няма.

Кіроўца крадзе прыладу. Мы ўцякаем дамоў, наш шматпавярховік знаходзіцца недалёка, мы ж амаль прыйшлі.

Заходзім у хату, залятаем літаральна ў пакой, а там бачым гэтага кіроўцу — ён, хлопец гадоў дваццаці, з магнітафонам (ці што гэта) у руках. Мы пачынаем яго лавіць, носімся за ім па кватэры, але ён знікае, быццам раствараецца ў паветры. Мы выбегаем з хаты, носімся па паверху, заглядаем у іншыя кватэры ў пошуках яго — кватэры пустыя, а хлопца няма нідзе.

І вось мы зноў ідзем па цёмнай вуліцы. Я і брат. Цёмна, як у чорта ў шапцы. Мы заварочваем на вуліцу, хутка падыдзем да нашай хаты.

Мы нібы вярнуліся ў мінулае. Але я памятаю ўсё тое, што адбылося.

Я зноў бачу кіроўцу, які слепіць фарамі. Я ведаю, што ён зараз схопіць гэты магнітафон з рук майго брата. Я рэквізую яго ў брата, і мы бяжым у дом. Кіроўца, гэты хлопец, едзе па нас. Але мы забягаем у хату і зачыняем дзверы на ключ.

Мы, спакойныя, ідзем у пакой. Але там... Там ён.

Мы яго спрабавалі злавіць, але мы баяліся яго. Бо дзверы былі зачыненыя.

У рэшце рэшт мы знайшлі яго на кухні, ён сядзеў за сталом і спакойна частаваўся запечанай бульбай.

«Мая бульба!» — крычу я.

Але гэтым разам, ён не спрабаваў уцячы, а мы не спрабавалі яго злавіць. Ён пачаў распавядаць сваю гісторыю, што ён — разумная істота з іншага вымярэння. Што ён тэлепартуецца ў часе, тым самым перамяшчаючыся ў прасторы. Ён сказаў, што мы нават не ўяўляем, што зрабілі... Нешта такое жахлівае, што неспасціжнае чалавеку, звычайнаму з нашага чатырохмернага вымярэння.

Тут ён знікае, таксама знікае і брат, а я гляджу ў вакно і бачу, як здалёк над горадам з’яўляецца каласальных памераў цунамі, якое набліжаецца да мяне марудна, марудна, марудна, але непазбежна.

Цунамі над Гомелем, цунамі над Сожам!

Гэта мы хочам! Гэта мы можам!

А там, па-за цунамі, бачна як спрабуе ўзняцца Сонца, але з часам адбылося нешта такое, што перашкаджае яму займацца сваёй руцінай.

Частка шостая. Кот 2.0

Ачуняў я ў гарызантальным становішчы на сваёй канапе. На дзіва нічога не енчыла, балюча не было.

Быццам не было, таго што было.

Але тое, што адбылася нешта нестандартнае, я магу сказаць дакладна, бо ніколі яшчэ я не чуў, як у маім прадпакоі два галасы вядуць дыялог.

Першы голас я ведаў, я нядаўна яго наслухаўся ад душы, хаця наогул не магу акрэсліцца, якія ён у мяне выклікае пачуцці. Гэта быў голас Еленаўны, але не было ў ім аніякай тэатральнасці і маляўнічасці — проста голас чалавеку, які просіць прыглядзець за здароўем іншага чалавека.

«Даглядзі яго калі ласачка, добра? Я не разумею, што там адбылося, сувязь яўна не працуе як след, ды і перабіваецца часам, таму такія флуктуацыі. Ну тут ужо было занадта, таму і закруціла. Даглядзіш?»

«Так, канешне. Не чужаніца, дагляджу».

Другі голас я не пазнаваў, хаця падаваўся ён мне да дрыжыкаў знаёмым. Але каму ён мог належыць — розуму не дабяру.

Хтось пакінуў памяшканне, дзверы зачыніліся.

Цішыня.

Я ляжу і гляджу ў бок калідора.

Павольна адчыняюцца дзверы з залі, дзе я ляжу на канапе і я бачу — не, не на парозе, а над парогам у стане левітацыі свайго коціка.

Але!

Гэты не той кот, якога я звыкся бачыць. Бо ён вісіць у паветры вертыкальна, ён апрануты ў хатні халат бэжавых колераў і ў пярэдніх лапах ён трымае кубачак з напоем, над якім уздымаліся духмяныя пары.

Я прынюхаўся і здзівіўся?

«Гэта што, какава?»

Кот заматаў галавой.

«Не. Гэта гарачы шакалад. Намінальна гарачы і намінальна шакалад. Ёсць адзін нюанс.»

Мне стала цікава:

«Які?»

Кот уздыхнуў.

«Ну, справа ў тым, што тут і цяпер смак і водары адчуваеш толькі ты. Для ўсіх астатніх іх няма. І для мяне няма нават, хаця я і кот, і для нас адмысловай розніцы паміж сусветамі і іх фазамі няма. Звычайна мне ўсюды кавалак мяса — гэта кавалак мяса».

Гэта інфармацыя мяне троху шакавала. Мяне ўсё больш пачынала палохаць тое, што адбывалася на адлегласці выцягнутай рукі. Я, канешне, разумеў, што ўсё зусім не ардынарна, але па словах кацяры ўсё было яшчэ крыповейшым.

Паступова ў мяне ў галаве пачала вымалёўвацца нейкая карціна свету, да якой было шмат пытанняў. Але яны адпаведна насіліся ў маіх мазгах у хаатычным рэжыме і мне было досыць цяжка вылоўліваць іх для таго, каб задаць кату.
А ён, мне здаецца, быў адзіным у цэлым космасе, хто не толькі быў мне даступным суразмоўцам, але ж і проста быў светачам розуму.

«Так, кот. Маю мільён пытанняў, але сфармуляваць хаця б адно — яшчэ той квэст. Паадказваеш хоць на што? Я спадзяюся ты не спяшаешся нікуды?»

«Ну гэта як сказаць», — задуменна мовіў кот. «Я не магу вельмі доўга ў такім стане знаходзіцца, каб камунікаваць з табой. Нагадаю, я кот, жывёла начная, хутка спаць упаду — як бы там не была цікавая размова».

Я кіўнуў, бо разумеў, што проста так нічога не будзе. За ўсё прыйдзецца джыгу танчыць.

«Першае — гэта Еленаўна мяне даставіла? Што здарылася са мной?»

Я збянтэжыў ката. Было бачна, што ён неяк інакш ідэнтыфікуе Еленаўну.

«Цётка з ёлкай на галаве ў чырвона-зялёным мундуры»

Пасля такога апісання ён зразумеў аб кім размова ідзе і пагадзіўся, маўляў, так, яна.

«Я не ведаю дакладна, што здарылася, нейкі communication breakdown. Усе разам раптам перасталі адзін аднаго чуць і разумець, а ў тваёй вобласці здарыўся катаклізм. Плювіяльны. Калі я правільна зразумеў, цягам амаль двух мільёнаў год ты знаходзіўся пад дажджом».

Я палупаў вачыма.

«Ясна. Гэта такі жарт?»

«Не. Я проста сам не зусім разумею, як такое можа адбывацца».

Пасля гэтай заявы я хвіліну моўчкі глядзеў на ката. А потым спытаў:

«Кот, ты — Бог?»

«Не, я не Бог, я жа кот».

Я вось зусім не зразумеў ці ён здзекуе, ці ён гэта казаў сур’ёзна. Судзячы па выразу шэрай вусатай пысы ён быў сур’ёзны як ніколі, ды і вочы вар’яцкімі агеньчыкамі не свяціліся.

«Так, кот давай акрэслімся, як цябе называць? Бегемот ці Варгін? Ты яўна не цалкам той кот, які побач са мной больш за сем год ужо. Ты надта антрапаморфны і іншапланетны. Хто ты?»

Кот пакруціў у лапах кубачак, сербануў шакаладу і сказаў: «Ну ніякі я не Варгін і не Бегемот, хаця чуць такія тытулы мне, канешне, пахвальна. Дзякуй. Я — лангальер. А ўласнае імя зусім няважна».

Мне было патрэбна больш інфармацыі. Я меўся разабрацца ў падзеях. Два мільёна год пад дажджом за секунду гэта, ведаеце, не жарты.

«Лангальер — з вялікай літары ці з маленькай? Чаму менавіта лангальер? Я ж ведаю, што гэта такое, мне трэба зразумець чаму. Толькі не кажы, што ты проста фанат Стывена Кінгу».

«Так ці не», — пачаў павольна тлумачыць кот — «Мы зараз знаходзімся не ў звычнай нам абодвум прасторы і часе, а пасунутай фазе. Давай дамовімся гэта называць так — пасунутая фаза, гэта больш зразумела чым твая «непрытомнасць». Што адрознівае гэту фазу ад звычнага сусвету? Выбранасць часу — мы захраслі ў восені і зіме, і ўсё вар’юецца толькі ў рамках гэтых сезонаў. Быццам нехта ўзяў шэсць месяцаў і кінуў іх у блендэр, перамяшаў і высыпаў — карыстайся як хочаш. Можа і не аб днях размова ідзе, а аб гадзінах. Вось павер мне — я доўга з балкону назіраў за тым, як мяняецца надвор’е, магу дакладна сказаць, што сонечных дзён не было. Пры гэтым — звонку наваколле не змянілася ніяк. Яшчэ важны момант — смакі і водары. Для мяне іх няма, яны існуюць толькі для табе і я ўпэўнены толькі таму, што ты знаходзішся ў эпіцэнтры гэтай фазы і сам яе генеруеш, таму і правілы тут твае. Для мяне ні смаку, ні паху няма, хаця я і заўжды побач з табой. Адсюль можна зрабіць выснову, што мы зараз жывем у той прасторы, але не зусім у тым часе. У нейкай форме часу. А хто ў нас жыве ў часе? Правільна, лангальеры. І слова прыгожае, як сябра рыцарскага ордэну. Ордэн Лангальераў, га?»

Логіка ў ягоных словах мелася, канешне, і божа, тут я зразумеў які я безгаловы. Чарговы раз мяне ткнулі тварам у відавочную рэч, якая існуе побач і навокал, а я хаджу з пашчай разнасцежанай і не задумваюся і не зазначаю нічога.
Нават кот прыкмеціў гэтую заканамернасць з сезонамі без Сонца, а я проста прыняў гэта як дадзенасць і пайшоў сабе далей быццам так і трэба.

Я пагадзіўся.

«Слушна, не буду спрачацца. Ды і маеш рацыю, прыгожа гучыць, салідна. Лангальер. Мы тут па ходу ўсе лангальеры, усе рыцары. А колькі нас тут ты ведаеш?»

«Адкуль мне ведаць», — засумаваў кот. «Я лангальер просты, нават не магістр. А тут трэба паўнамоцтва надта вялікія, каб ведаць, што і дзе. І тое, што я тут з табой размаўляю, зусім не азначае, што я нейкі там звышрозум — я кот, як кот, я ж нават хату не пакідаю ніколі, я проста існую ў разных фазах. Хаця, сумленна кажучы, я і не хачу пакідаць хату. З такім надвор’ем і на балконе няўтульна».

Кот махнуў лапай на вуліцу — там зноў ішоў снег, не вельмі агрэсіўна, і адчувалася што ў цэлым і пагуляць можна, але, згода, кату там нема чаго рабіць.

Я аўтаматычна паглядзеў у той бок, куды ён махаў лапай, я паглядзеў у вакно.

Насамрэч, мяне мала цікавіла тое, што там адбываецца, якое там надвор’е, якая геалагічная эпоха і наогул, ці я яшчэ на роднай планеце. І каб за вакном замест снегу ішлі б метэарытныя дажджы і навокал быў, напрыклад, пояс астэроідаў, то і кадук яго бяры.

Я паспрабаваў прааналізаваць у гэтай цішы свае пачуцці, свае думкі.

Ці трэба казаць, што ў галаве было складана зразумець што да чаго? Таму, я прызнацца не ведаю колькі хвілінаў так моўчкі з галавой на бок і прасядзеў.

Я ніколі не быў у Амерыцы, яна заўжды ў мяне асацыявалася з рок’н’ролам, а не з месцам дзе можна зарабіць мільён даляраў. Я не люблю грошы і яны мне адказваюць узаемнасцю, ніколі іх у мяне не было нават дастаткова. А калі што і з’яўлялася, нават запрацаваныя досыць цяжкім чынам фінансавыя сродкі хутка траціліся на розную фігню, якую я купляў і ставіў на бачнае месца. А потым забываўся на тое, дзе гэта месца. Так што грошы і Амерыка ў маёй галаве крыжаваліся ў апошнюю чаргу.

Менавіта таму мяне здзівіла, як у маёй галаве на той момант выглядалі думкі. Бывае так, што я візуалізую падзеі ўнутры сябе. Вось зараз вынікам такой візуалізацыі быў нібы Ню Ёрк 80-х гадоў, 20-га стагоддзя, эпохі Рэйгана. Мне гэты антураж быў добра знаёмы па шматлікіх кінастужках кшталту «Тутсі».

Нейкі фінансавы раён, хмарачосы навокал, інтэнсіўны аўтамабільны рух, сігналяць усе запар, а пешаходная частка — тое яшчэ пекла. Менавіта па пешаходке кудысьці спяшаюцца, не даючы іх разглядзець і пачуць, пры гэтым яны штурхаюцца і самі не даюць адзін аднаму праходу.

Над горадам пралятае кананічны амерыканскі біплан з транспарантам, на якім чорным па беламу комік сансам напісана:

«Сорак французскіх сыроў і адзін сюрстромінг!»

Па магістралі ў розныя бакі едуць самыя разнастайныя транспартныя сродкі, не выключаючы танкаў, і сродкі гэты розных колераў і з рознай сімволікай. Вунь праехаў вялізны трак, на борце якога напісана «Палеанталогія». 

А вунь едзе нехта на матацыкле з сайдкарам з надпісам «Таямнічая вайна Чэрчыля» (што?!) а побач шыкоўны маслкар за стырном якога сядзіць штурмавік з «Зорных войнаў».

Дык тое ж самае і да людзей, якія штурхаліся на тратуары — рознакаляровыя ва ўсіх абсалютна сэнсах, розных узростаў, ростаў, камплекцый і палоў, з рознай хуткасцю перасоўвання і з рознай ступенькі яркасці відарысаў агеньчыкаў у вачах.

Я дапусціў, што па тратуару хадзілі мае думкі, а па магістралі ехалі мае інтарэсы, якія — так — вельмі розныя і логікі ў гэтым дыяпазоне няма.

Але што мне з таго? Якую думку я мушу выдзеліць з натоўпу? З якой думкай я буду сёння класціся спаць і што будзе дэвізам ці прыпавесцю майго новага дня?
Адзін з натоўпу выдаўся і стаў перада мной. Гэта быў чалавек, апрануты як кананічны фінансавы дзялок, з тварам на якім запамятаецца толькі ўсмешка ў белазубы рот і ўсё.

Чалавек з бібліятэкі фатаграфій, проста расходнік для фаташопу.

Ён меў, як і ўсе ягоныя калегі ў тыя часы, дыпламат з чорнай матавай скуры, трымаў яго дзвюма рукамі.

Ён спыніўся і гледзячы мне проста ў зрэнкі сказаў: «Наш сусвет гэта толькі АДНА рака, якая цячэ з гор і ўпадае ў акіян, а мы — водарасці ў плыні, якія тут не з самога пачатку і не да самога канца. Усё астатняе — толькі плод нашай фантазіі».

Тут нехта з пешаходаў штурхнуў яго ў бок, і дыпламат ягоны раскрыўся. З дыпламату вобземлю бразнуўся яблык са слядамі зубоў.

Я зірнуў на яблык, але калі ўзняў вочы да гары, не было ўжо нікога. Аніводнага пешахода, аніводнай машыны. І вусціш б’е у вушы.

Я ўбрыкнуў галавой і насланнё выпарылася, я зноў сядзеў на канапе ў сваім пакоі і тарашчыўся ў вакно, за якім падаў залевам снег.

Павярнуў галаву ў бок ката. Той усё так жа левітаваў у паветры ля дзвярэй, але яму было не да мяне. Ён спаў, скруціўшыся клубком, а куды падзеўся кубачак з нясмачнай какавай — я не ведаю.

Я ўзняўся і пайшоў на кухню. Зрабіў сабе каву з малаком і зноў стаў глядзець, што адбываецца ў двары. А там сапраўды адбывалася нешта дзіўнае.

Ведаеце, калі я быў маленькім, я марыў, што я вырасту і стану пісьменнікам. І буду пісаць касмічныя оперы, кшталту Эдманда Гамільтана, каб там розная феадальшчына і тут жа звышсветлавая хуткасць. Каб зорныя мушкецёры, касмічныя крылатыя гусары і міжгалактычныя шляхцічы, каб вось усё гэта хараство на старонках, прычым простым даступным складам, але месцамі з наваротамі канешне, для стварэння атмасферы. Ну, прынамсі я хацеў пісаць нейкія хорары. Ні ў якім разе не кнігі пра рэальнасць, я з дзяцінства рэальнасць ненавіджу, хочаце рэальнасць — калі ласка навіны пачытайце, мне пакіньце мае казкі.

Але мой пісьменніцкі лёс склаўся так, што чалавечай фантастыкі я так і пісаў як мае быць (не лічачы падлеткавыя эксперыменты, што далей папяровых сшыткаў не пайшлі). Я ўсё свядомае жыццё пішу нешта бессвядомае, і часцяком гэта несвядома ў мяне атрымліваецца. Мне здаецца такія гульні розуму ў маім літаратурным класе з давён-даўна распачаў Сід Барэт і яго вершы, на якія пісаліся першыя песні Pink Floyd. Гэта адно з верагодных тлумачэнняў.

Таму што ў двары маім не стаяў трохматорны зоркалёт і нават аніводнага дыназаўра зараз не было.

А быў там немаленькіх памераў касцёр, вакол якога досыць у агрэсіўным тэмпе карагодзілі бабры, апранутыя як сіу. Хаця я не чуў музыкі, ці чаго там, я быў упэўнены вакол кастра бабры мармыталі нейкі «хокахей» і было ім праз гэта вельмі атмасферна.

Я нават пра каву забыўся, назіраючы гэты паў-ваў, і не лічыў, колькі хвілін яны там колы наразалі, як сусвет раптам пстрыкнуў. Ведаеце, быццам нехта выключыў святло, а потым так жа рэзка ўключыў.

Зноў панавала асенняе надвор'е.

Цягам гэтага моманту знік касцёр, зніклі амаль усе бабры за выключэннем аднаго, які стаяў на месцы, дзе і быў касцёр, глядзеў мне проста ў вочы і паказваў мне правую лапу з адвешаным сярэднікам.

«Во як!» — выпаліў я ад нечаканасці, і, што цікава, пасля гэтых слоў бабёр, які круціў мне фак развеяўся ў паветры буйным чорным попелам.

Жыццё працягвалася.

Частка сёмая. Дзе я

Рэшта дня мінула быццам у небыцці. Я адзначыў, што ўвечары было цяжка адрозніць ранак ад сярэдзіны дня, а сярэдзіну ад фіналу. Згадваліся толькі размовы з катом. Астатняе — я проста не быў упэўнены, у які з дзён то адбывалася, калі гэта была і, самае банальнае, ці было наогул.

Даруйце за гэты літаратурны штамп.

Я канешне перабольшваю, калі спрабую тутэйшыя содні на звыклыя катэгорыі дзяліць. Сапраўды, які ранак-дзень-вечар, калі за вакном надвор’е мяняецца як фартуна. Гэта ўсё мела ўмоўны характар, надыход вечары я адзначаў па ўзмацненню жадання спаць.

Я ўжо казаў, што тут я спаў як выключаны, сон як канцэпцыя проста знікла. І засынаў таксама так.

Але сёння было інакш.

Сёння была ноч турботная.

Спачатку было так: я заплюшчыў вочы і маё адключэнне было спынілася нават не гукамі, а яўным адчуваннем таго, што нехта ў перадпакоі капаецца ў шафе з вопраткай. Я бы мог вырашыць, што гэта кату няма чаго рабіць, але за мінулы дзень мы з катом настолькі ўзнавілі адносіны, што зараз ён абыходзіўся зусім без левітацыі і як у звычайным жыцці ўладкаваўся адпачываць на маіх нагах.

Я расплюшчыў вочы і стаў прыслухоўвацца. Гукі ў шафе працягваліся нядоўга — нехта з хвіліну шамрэў тканінай, а потым, можа знайшоўшы патрэбнае, перастаў. Лагічна было чакаць, што ў калідоры за гэтым раздадуцца крокі, але не, была стоадсоткавая цішыня. Я чуў як дыхае кот і як у маіх вантробах кіпіць жыццё мікраарганізмаў, а больш я не чуў нічога. Тут досыць добрая гукаізаляцыя.

Каб вы разумелі, што адбылося далей, схінуся да таго, каб апісаць, як абстаўлены мой пакой (вы ведаеце, я не найлепшы пісьменнік і звычайна наогул на дэталі скнара).

Насупраць дзвярэй стаіць мая канапа, на якой я жыву ва ўсіх сэнсах, я там і сплю і гляджу кінастужкі і ката гладжу і гарбатку пад настрой п’ю. Справа — балкон, на якім звычайна завісае кот, з яго маецца выдатны від на Тэлевежу, ды і наогул не самы паскудны відарыс.

А злева ў пакоі стаіць шафа з рассоўнымі дзвярамі, якія маюць люстэркавую паверхню. Насамрэч, вельмі фацэтна, бо добра так павялічвае прастору пакою, і адчуваеш сябе па-багатаму.

Яшчэ рукі мае крывыя дацягнуліся памыць гэтыя люстэркі, а так праз мае адбіткі пальцаў адразу адчуваецца, што ў пакоі ёсць пачатак і канец. Тут я, сам таго не жадаючы, выступаю як адэпт рэальнасці.

Астатняе не буду апісваць, яно не грае ролі ў далейшым апавяданні.

Карацей, ляжу я на канапе, пільную ў столю, кот спіць у кірунку балкону. І тут я адчуваю макавінай галавы, што ў люстэрку не ўсё адлюстроўваецца менавіта так, як мае быць у маім пакоі.

Тады я ўзяў у рукі тэлефон і ўключыў франтальную камеру, каб мець магчымасць глянуць на то, што паказваюць люстэркавыя дзверы.

Глянуў у выяву на экране тэлефона і троху абамлеў.
У люстэрку было бачна, што я не ляжу на канапе, а сяджу на ёй. Сяджу і яўна з цікавасцю чытаю на тэлефоне навіны. Я чамусьці адразу вырашыў, што гэта навіны. Таму што на чытанне іншага я трачу свой час значна радзей.

Найцікавейшае, аднак, заключалася не ў тым, што я тут і я там знаходзіліся ў розных пазіцыях. Вось што выклікала ўвагу — за маім вакном зараз была цемра. Усё, што я там бачыў, я бачыў па памяці, у выглядзе сілуэтаў і вобразаў. Бо не гарэлі там ліхтары і не ішло жыццё поўным ходам. Не хадзіў грамадскі транспарт і не свяцілася Тэлевежа агеньчыкамі. Там ішоў ці снег, ці дождж, але там не ішло жыццё чалавецтва, тут не было людцаў, толькі госці кшталту Бахарэвіча і лангальеры як мой кот трапляліся мне на шляху.

І то, усе ў адным экзэмпляры. Была яшчэ Еленаўна.

Але не было чалавецтва і сучаснай эпохі як канцэпцый за вакном. Так было ў мяне, з тым, хто ляжаў і разглядаў праз франтальную камеру тэлефона ў люстэрку сябе іншага.
У яго ўсё было інакш. За вакном была ноч, але яна была поўная чалавецтва і сучаснасці, у гэтым ракурсе не была бачна Тэлевежа, але я ўпэўнены, што там яна ззяла агеньчыкамі. Было чутна, як сярод начы самотна праехаў тралейбус. Хтосьці бахнуў петарду — камусьці прыспічыла адчування свята ў будзённы дзень. Я бачыў, як гарэлі вокны ў суседніх шматпавярховіках за вакном, ішло жыццё і нікому не было спраў да таго, што зараз адбывалася ў маёй светабудове.

Залюстэркавы я сядзеў і чытаў навіны. Потым узняўся крактаючы, досыць шумна наведаў прыбіральню, вярнуўся, сеў на ложак і працягнуў чытаць.

Але не доўга гэтым разам, было бачна, што я там, усё, годзе, начытаўся.

Працягла выдыхнуўшы: «Бля-я-ааць, курва-а-а…»

Я залюстэркавы выключыў тэлефон і лёг на канапу, з галавой схаваўшыся пад коўдрай.

Хутка быццам з знеткуль матэрыалізаваўся кот, і так жа як тут, утульна ўлёгся ў нагах.

А потым люстэрка пайшло завадамі, і я ўбачыў адлюстравання сябе тут — рэкурсію таго як я праз франтальную камеру гляджу ў люстэрка на то, як я на сябе гляджу ў люстэрка праз франтальную камеру.

Відовішча скончылася, але заставалася пытанне — дзе быў зараз сапраўдны я?

Не было моцы вылічваць адказ.

Я зразумеў, што я невыносна хачу спаць і выключыўся.

Частка восьмая. Інтэрмедыя 3

«КАЛІ ТАБЕ НЕДЗЕ ЖЫЦЬ, НАБУДЗЬ САБЕ ДОМ!»

Такая разумная надпіс красавалася на транспаранце, які разгортваўся над магістраллю, якая вядзе з Гомля.

Справа была зімой, у сонечнае надвор’е, пад час адлігі. А гэта значыла, што не толькі дарога была брудная і мокрая, абочыны былі абляпаны мурзатым ад газаў снегам, і ўсё выглядала быццам у пераходным стане.

Па дарозе імчаліся каравыя савецкія грузавікі, камазы і кразы, крывыя і быццам пагражаючыя разваліцца на кожнай хвіліне, ехалі аўтобусы, месца якім у пекле, а не на дарозе агульнага карыстання, матацыклы з каляскай і без, трактары і газонакасілкі і яшчэ розныя сакрэтныя распрацоўкі.

Над усім гэтым пейзажам гучна грала інструментальная музыка савецкіх ВІА ў стылі дыска.

Пад транспарантам стаяў падгніўшы «жыгуль», ля якога ці торгаліся, ці танчылі два сілуэта.

З-пад капота аўто скупа ішоў дымок — машына яўна перажывала не лепшыя часы свайго існавання.

А тыя рухаліся ў рытм дыска.

Апранутыя як звычайныя жыхары блатных саўковых забегаў, у танныя працоўныя чаравікі, нагавіцы, штармоўкі і робленыя шапкі з пеўнікамі ды пампонамі, яны высвятлялі між сабой адносіны і вырашалі праблему.

І так, танчылі пры гэтым.

І наогул, калі вы чытаеце гэту інтэрмедыю, добра ўрубіць нейкую вінтажную мелодыю савецкай эстрады. Для найлепшага пагружэння ў атмасферу.

Між танцорамі адбывалася размова.

Драбнейшы казаў:
«Труп мы добра завярнулі ў дыван, ён быў запакаваны надзейна, і прымацаваны да даху машыны. Я ў душу не грабу, дзе ён выпаў. Дарога лайно, усё калоціць, вось праз траску і зваліўся!»

Буйнейшы сказаў:

«Ты жонку замовіў, я грохнуў, як дамаўляліся? Грохнуў, з цябе было толькі вывезці яе ў лес і выкінуць, а ты, *****, нават замацаваць пакунак на даху не здольны! Каціся цяпер шукай гэты труп!»

«Так трэба ісці назад, глядзець па дарозе, мы збоку ехалі! Сто пудоў у снезе дыван той ляжыць. Дарэчы, павязалі пакунак надзейна, там той скрутак да лета можа так ляжаць! Трэба ўдваіх ісці, бо я адзін не дацягну…»

«Ды мне по***, я сваё зрабіў, я і тут магу пастаяць, пачакаць. Яшчэ напінацца за так!»

«Ды я звыш накіну чырвонец!»

«Тады пайшлі!»

І два чорта прытанцоўваючы пайшлі шукаць труп жанчыны, захінуты ў дыван.

Перамотка.

Працягвае граць вінтажная танцавальная музыка, аўтамабільны рух не спыняецца.
Два чорта знайшлі дыван з трупам і цягнуць яго назад, да машыны, усё так жа пульсуючы.

Дыван закідваецца на дах, замацоўваецца, яны правяраюць усё, потым правяраюць — ці завядзецца машына — машына заводзіцца, нішцяк, панове!

Музыка пачынае заціхаць, яны сядаюць у машыну, і пачынаюць рух.

Мы бачым што адбываецца з ракурсу лабавога шкла.
Грамадзяне сядзяць на пярэдніх крэслах, дробны за стырном, а буйнейшы побач — ён паліць цыгарэты «Космас» і крычыць у акно: «Эх, ё***ы ў рот!»

Тым часам з пакунку на даху аўтамабіля вылазіць жанчына з сінякамі і трупнымі плямамі, з страшэнным тварам, чорным і ўскудлачаным валоссем, апранутая ў незразумелага колеру і крою халат.

Труп жанчыны ненатуральна выгінаючыся, залазіць у салон праз заднее шкло і пачынае душыць кіроўцу. Машына сыходзіць з трасы і камячыцца ў кашу з металу, крыві і плоці, жывых на месцы аварыі не знойдзена.

Апладысменты, закадравы смех.

Частка дзевятая. Гадзіншчык

Ранкам я апрануўся як мага цяплей, бо на вуліцы зноў была вельмі халодная восень, якая ў любы момант магла перацячы ў зіму, а я ўжо, як кот мне даводзіў, пад дажджом два мільёна год памарозіўся, так што самлеў амаль з канцамі.

Таму мне не хацелася зноў быць не напагатове.

Я збіраўся адшукаць гадзіншчыка. «Луч» ужо ляжаў у кішэні, чакаў дагляду. Там, нагадаю, трэба было змяніць батарэйку і дзяжку. Якраз так я забіваў двух зайцаў — давяраў справу спецыялісту (я прынцыпова не калупаюся ў тым, у чым не разумею, то бок амаль ні ў чым не калупаюся) і, можна ўжыць такую трактоўку, выходзіў у бамонд.

Я быў упэўнены, што гадзіншчыка я выяўлю і асобай ён будзе неардынарнай.

На вуліцы, як я ўжо да таго звыкся, было абсалютна бязлюдна. Гукаў амаль не было, за выключэннем ветру.

Я нагадаў сабе, што як сказаў кот-лангальер, толькі я тут адчуваю водары і смакі, таму можна было дапусціць, што і з гукамі насамрэч нешта такое.

А мо і брахаў усё кацяра, і пра дождж цягам у выміранне дыназаўраў і пра рознае сваё, лангальерскае. Ён кот, можа і прышпіліцца.

Ну і канешне, зрабіў я ўсё іннавацыйна — я ведаў дзе знаходзіўся бліжэйшы гадзіншчык у рэальным свеце, гэта былі гандлёвыя рады ля адной з крамаў недалёка, але!
Паколькі я быў у незвычайных абставінах, я вырашыў літаральна ўчыніць ад адваротнага, то бок я пайшоў у супрацьлеглы бок, туды, дзе знаходзіцца Pasakų parkas.

Бо калі мне лёс напаткаць гадзіншчыка, ён будзе там, куды я пайду, бо ў гэтай прасторы Рым — гэта я, і ўсе шляхі да мяне вядуць.

І калі гэта мая дагадка супадае з рэчаіснасцю, і сапраўды ўсё на мне завязана, то я магу выйсці з непрытомнасці. А калі тут хоць нешта жыве ад мяне сваім асобным жыццём — усё, гамон.

Не сустрэну гадзіншчыка, значыцца, больш няма на што спадзявацца, я тут захрас на вечнасць.

Ну я і пайшоў сабе ногі муліць. Муліў ногі і там і сям, да парка дайшоў, і па яму прайшоўся, скульптуры розныя паглядзеў — яны на дзіва нічым не змяніліся, але можа быць у мяне ўжо з памяццю было не ўсё добра.

Потым я пахадзіў па дварах, пакруціўся ля мясцовых крамаў, нават запоўз на Kaklaraiščių tiltas — мост Гальштукаў па-нашаму, але на той бок пераходзіць не стаў.

Задуменна пастаяў на мосце, гледзячы на мёртвую магістраль і вырашыў змірыцца з фатумам.

Я тут назаўжды.

Цікава, а я магу павесіцца? Ну калі знайду вяроўку, якая мяне вытрымае, з маім салам мне трос патрэбны, а яго цяжка вакол горла абматаць будзе.

Я выглянуў з маста, пусціў доўгую сліну, а калі яна адарвалася і ўпала на асфальт, прамычаў не ў ноту: «Авэээээ Марыыыыыыяяяяя…»

Развярнуўся і пасунуўся дамоў.

Але калі я сыходзіў з маста, на дрэве ля дарогі я ўбачыў домік.

Клянуся чым хочаце, яго тут раней не было.

Таму я дайшоў да расліны і застыў разглядваючы канструкцыю.

У прынцыпе, банальны домік на дрэве, але з той розніца, што архітэктар за рэферэнс браў не жыллё чалавека, а гадзіннік з зязюляй. Галоўная розніца была ў памерах і прапорцыях. Ну, першае, гэты домік быў з добрую будку, што на лецішчах ставяць. Там мог з камфортам памясціцца нават я, і засталося месца для якой прылады. Але жыць там канешне было б не вельмі. Другое ў тым, што на гадзінніку звычайна цыферблат вялікі, а зязюлькіна амбразура — маленькая. Тут было наадварот — буйная амбразура (як мае быць, з дордачкай) і пад ёй маленькі цыферблат з рымскімі лічбамі.

Прыгажосць.

«Тук-тук, хто ў церамку жыве?» — закатавана прасіпеў я, пасля чаго раскірхаўся, прачышчаючы горла. Зараз мне залівацца салаўём проста з ходу цяжка.

Дзверы доміка адчыніліся, і там спачатку было не бачна ані чорта, а потым нехта быццам на платформе пад’ехаў да святла.

Гэта быў — хто бы вы думалі?

Не, не чароўны трусік.

Гэта быў Андрэй Павук. Толькі ён быў чамусьці з вусамі, як у ката Базіліё і ў чорных акулярах.

Сядзеў у чорных акулярах у пакоі без святла. Правакатар, паўмесяцы турмы яму. Каб гуманна.

«Здароў» — сказаў Павук без усялякіх цырымоній. «Па справе, ці так наведаць вырашыў?»

«Па справе».

Я выцягнуў з кішэні гадзіннік і падаў яму з пытаннем: «Ты ж тут гадзінны майстра?»

«Ну, тут так, — прамовіў Павук, вывучаючы гадзіннік. Бачна было, што ён быццам з кожным імгненнем адкрывае для сябе нейкія новыя моманты ў дагэтуль будзённай штуцы. — Зараз гадзіннікі рамантую. Потым паглядзім, можа піратэхнікай займуся. Што тут зрабіць трэба, акрамя замены дзежкі?»

«Пастаў мне батарэйку».

«Табе?»

Павук сур’ёзна глядзеў на мяне спадылба, акуляры сядзелі на самым носе.

«У гадзіннік мне пастаў батарэйку. Хаця і мне б не перашкодзіла, сумленна кажучы, мая парадкам падсела…»
«Пару хвілін», — вымавіў ён і зноў на сваёй платформе, як зязюля ў гадзінніку аддаліўся ў цемру забудовы.

Я на імгненне падумаў, што можа ў яго зараз няма ног і ён сапраўды прышрубаваны да каламажкі ўнутры забудовы.
Ну тут усякая вяроза можа быць. Я не разабраўся ў законах па якіх існуе Непрытомнасць і наогул не хачу разбірацца, я, калі падумаць, хачу адсюль выйсці.

«Дык выйсці хочаш, кажаш?»

У мяне перад носам была яго працягнутая рука, на якой ляжаў гадзіннік, з новай дзяжкай, бела-чырвона-белых колераў. Стрэлкі гадзінніку рухаліся як нічога і не было.

«Луч» далучыўся да свету жывых і працаздольных.

Павук стаяў побач са мной, чорныя акуляры былі на ілбе, ногі таксама былі на месцы. Ён у адрозненне ад мяне, захінутага ў вопраткі як капуста, быў апрануты па-летняму. А адна яго рука наогул прытрымлівала ровар — ён ужо тут бачна што выканаў сваю ролю і збіраўся некуды, але трэбы было яшчэ мяне адпусціць.

«Хачу выйсці, так». — сказаў я, забіраючы сваю прыладу. «Але не ведаю, дзе дзверы адсюль. Ну і трошкі сцыкотна, што там, звонку? Там наогул людзі маюцца?»

«Маюцца» — хмыкнуў насмешліва Павук. «Чаму так пытаеш, наогул?»

«Дык а чаму не пытаць… Я тут людзей не бачу. Не ведаю, як табе, але мне тут не ўцям што — я па ідэі ў Вільнюсе, але аніводнага літоўца, як калі каго бачу, дык гэта беларус. Нават кот у мяне беларус, ён жа не тут нарадзіўся, а ў Менску. А тут я бачыў толькі цябе, Бахарэвіча і Еленаўну. І наваколле то Вільнюс, Вільнюс, а то — бац і Гомель. Заварот галавы, а не рэчаіснасць. Таму і пытаюся, бо не магу зразумець што да чаго. Я не ўпэўнены ні ў чым».

Павук зноў усміхнуўся.

«Дык ты літоўцаў тут не бачыш, таму што ты зараз не ў Літве, а ў Непрытомнасці. Беларусаў ты тут і бачыш таму. Яны таксама зараз, шмат хто не ў рэальнасці, а ў непрытомнасці. А ў літоўцаў усё файна, таму іх тут няма. Наконт Гомлю… ну, рознае бачыцца людзям, факт. Ты вунь зараз дамоў пойдзеш, ідзі паўз дарогу — там Sož выступае сёння. Не проста беларусы, а твае ўсе знаёмыя».

Я перапытаў здзіўлена:

«Sož? Там дзе Плотка, Печыньскі і Марозька?»

«Ну. Гомельскія… вы там усе чыкірнутыя, адразу ў некалькіх паралельных светах жывяце і творыце… Так, мне час каціць ужо, ты мне павінен верш за адрамантаваны гадзіннік».

Я крышку падумаў, перад тым як адплаціць за рамонт.

Думка была кароткая, і была яна толькі аб тым, што вось я ведаю, што не толькі крама мяне адпускае дамоў з таварам за вершы, але і іншыя. То бок, як высветлілася, вершы ў Непрытомнасці ў якасці разменнай манеты.

«Я кіт, які на беразе марскім,
Ляжыць вялікі і бездапаможны,
Я лёсам памяняўся хоць бы з кім,
Але не можна.
Мяне клююць у вочы і ў бакі
І клушы і гаргары і вароны,
І сувеніры робяць мінакі
З маёй кароны.
Я сам падзея, повад для размоў,
Як фонам мною карыстацца рады,
Так кола свету рухаецца зноў.
Быў кіт — стаў падла».

Гадзіншчык паглядзеў на мяне з незразумелым выразам твару і, нарэшце, сказаў:

«Малайчына. Добры верш. Я на яго песню складу, добра?»

Я кіўнуў:

«Добра».

І тут Павук дадаў: «Песню складу, але спяваць не буду, добра?»

Я хацеў запытацца, дык у чым сэнс такой песні, але не стаў — як хоча, ягоная песня, што хоча то і робіць з ёй.

«Дык добра, як хочаш».

Андрэй ляснуў мяне па плячы і як на павялічанай хуткасці імгненна заскочыў на ровар і выпарыўся на дарозе.

Я стаяў і круціў у руцэ гадзіннік.

«О, Луч».

За спінай у мяне нехта знаёмым голасам праінфармаваў, якой маркі гадзіннік знаходзіцца ў маёй руцэ. Голас належаў да Еленаўны.

Я абярнуўся.

Гэта сапраўды была яна, у сваёй жахлівай уніформе з ротарнай жняяркай на рукаве.

Яна кіўнула на гадзіннік, і глянула мне ў вочы.
«Айчынная вытворчасць. Найлепшая ў свеце прадукцыя. Унікальная, аналагаў не існуе. Адабраю выбар».

«Драсце», — кажу я. «Добры гадзіннік, але не заўжды працуе».

«Як і ўсё на свеце», — парыруе Еленаўна і змяняе тэму.

«Ну што, Наважылаў, на канцэрт ідзеш?»

«На Сож? Так».

Я адказваю і разумею, якое глупства я сказаў — быццам тут увогуле магчымы які іншы канцэрт, акрамя выступу маіх суайчыннікаў. Як Павук сказаў, толькі гамельчукі здольны жыць і творыць у некалькіх паралельных светах адначасова. Гэта, канешне, яшчэ трэба было давесці практычным і навуковым шляхам, але пакуль я тут нічога не чуў аб канцэртаў дзяцей іншых гарадоў.

«Ну хадзі, Наважылаў. Толькі глядзі мне, без самадзейнасці!»

Еленаўна пагразіла ўказальным пальцам і пайшла прэч.

Я так зразумеў, не на канцэрт. Цікава было, хто там яшчэ будзе?

«Ляўчук перадавай прывітанне, Еленаўна!»- я пракрычаў ёй услед.

Яна спынілася, павярнулася да мяне, здзіўлена паглядзела мне проста ў вочы і абсалютна шчыра заявіўшы: «Ніколі не чула такога прозвішча», — сышла за далягляд.

А я пайшоў на нарастаючы гук змрочнага пост-панку, якія даносіліся з двароў тагасветнага Вільнюсу. Час успамянуць маладосць!

Частка дзясятая. R2D2

Да канцэртнай пляцоўкі, не гледзячы на тое, што яна знаходзіцца амаль у наступным мне па дарозе двары, я дабіраўся некалькі гадзін. І меў невялічкі стос прыгод.

Прычына маёй затрымкі была такая — я вырашыў, калі я іду на канцэрт, які ў дадзеных абставінах з’яўляецца падзеяй проста касмаганічнай, прыкладна на ўзроўні з сярэдне статычным апакаліпсісам — дык мне трэба нейкі флянец у рукі.

А то — гэта не канцэрт будзе, а партсход нейкі.

Карацей, раз я не ўжываю алкагольныя напоі, мне трэба была бутэлечка квасу.

Хаця, надвор’е мне ўсімі сродкамі намякала, што мне трэба не квас, а гарачая гарбата з мёдам і лімонам. І пажадана не на вуліцы.

Але, як казалі ў маёй маладосці — смага нішто, імідж усё — дык я вырашыў што такі патрэбны квас. Ну не абавязкова піць, але бутэлькай памахаць, а калі выканаўца не спадабаецца — дык у яго запусціць можна.

Шматфункцыянальны атрыбут.

І для пачатку я пайшоў у краму.

Гэта недалёка (хаця тут крам што іх саліць можна) і зноў жа — карысна.

Ды я і звыкся да тамашняга размеркавання тавараў.

І я, што галоўнае, ведаў, як за тыя тавары плаціць. Яшчэ адзін вершык за бутэльку квасу я ў галаве адшукаю.

У краме было неяк не так, як звычайна. Сёння чамусьці міргала асвятленне, быццам былі перабоі з электрычнасцю.
Мне гэта падалося дзіўным, але навокал было столькі дзівосаў і недарэчнасцяў, што я проста перастаў звяртаць увагу.

Я выбраў з асартыменту, які меўся ўкраінскі «Квас Тарас Білий» (ах, так — вось яшчэ нюанс — у нашым раёне я толькі ў гэтай краме гэты квас і бачыў). Гэта адзін з маіх любімых сартоў, летам я літаральна па яму млею, дык і восенню і ўзімку бахнуць не супраць, калі сумленна.

Ўзяў бутэльку, і пайшоў да выйсця з крамы.

Так, прачысціць горла, каб не ганьбіцца з голасам, зачытаць свой верш.

«Я быў тады звычайным жыхаром
Даліны рэчкі Ніла
Прыйшла навала ў глінабітны дом
Ізіда накаціла.
Дынастыі мінаюць быццам дым
Але згадае памяць
Як бегемоты ў возеры тваім
Мне спаць перашкаджаюць».

Стаю, чакаю, пакуль дзверы адчыняцца. Ноль рэакцыі. Гэта захапляльна і дзіўна, такога яшчэ не было ані разу.

Я стаю, чакаю:

«Кхм, кхм».

А дзверы што памерлі.

Тады я прачытаў яшчэ адзін верш са сваёй калекцыі. І зноў пачакаў хвіліну, не ўбачыўшы ніякай рэакцыі брамы.

Сёння вызначана нешта змянілася ў светабудове.

Тады я прадыхаўся, прамыкаў нешта і заспяваў песню Gods Tower.

Я праспяваў Mysterious ад першага радка, да апошняга, напрыканцы я двойчы вывеў голасам рэфрэн — як на альбоме. Адзіная загана майго выканання была ў тым, што яно было без акампанементу, але тут ужо прабачце, вы і так да хрэна патрабуеце! Не кожны рок-вакаліст спявае свае песні браме ў тагасветнай краме!

Зразумеўшы, што так я не выйду, я прытуліўся да сцяны.
Атрымліваецца, што гэта больш не працуе. Ані вершы, ані песні, ані кветкі з танцамі не ўздзейнічаюць на тупыя бар’еры. То, што нам перашкаджае, ніякімі замовамі не замовіць.

«Добра, мы пойдзем іншым шляхам. Канцэрт сам сябе не наведае».

Я падышоў да шкляной дзверы і з замаху, колькі ёсць моцы выцеў па ёй складзенымі разам палкамі для скандынаўскай хады.

Бум! І нічога.

«Ах ты курва!»

Я выцеў яшчэ два-тры разы, пакуль не зразумеў, што маіх сіл для такой агрэсіі недастаткова.

Я надта за апошнія гады страціў фізічную форму. Шчыра кажучы, я ніколі не быў Шварцнегерам, гэта не мой узор, але тут я зусім пераўтварыўся ў амёбу. І калі сілавое рашэнне выявілася адзіным што працуе, я ўцяміў, што не меў рацыі.

Але чалавек, нават калі ён не Геракл, усё ж такі можа трансфармаваць наваколле, пры дапамозе ўласнага розуму.

Натуральна, праблема вырашылася, калі я пакруціў галавой і ўбачыў тачку з угнаеннем. Тут такое прадавалася.

Я паклаў на яе згары яшчэ заплечнік і свае палкі, і з мацюкамі, прыгнуўшыся, стаў разганяць яе ў бок дзвярэй.

Гэта спрацавала — шкло не вытрымала такой бранятэхнікі і пала смерцю стойкіх пад вагой гэтага тарану.

Астатняе шкло я дакалаціў палкамі і нарэшце выбраўся з крамы.

На вуліцы зноў змянілася надвор’е. Але мне ўжо было без разніцы, зіма зараз ці восень, ці гэта такое х***вае лета наогул.

Я адышоў крокаў на дзесяць ад крамы і абярнуўся.

«Ну канешне ж, блін».

Дзверы былі некранутыя, цалюткія, ніхто па іх ніколі нічым не біў. Што характэрна, было бачна, што тачка з угнаеннем, якая выратавала мяне з палону зараз як ні пры чым стаяла ў гандлёвай зале. Быццам нехта проста адматаў час назад.

А што, цікава, падумаў я, мо і сапраўды я зараз убачу як я хаджу па зале і выбіраю квас. Я стаў углядацца ўглыбіню крамы. Насамрэч, мяне там не было, ды і асвятленне там з нейкай нагоды было значна кволым, нібы гуснула. Карацей, людцаў унутры не было ніякіх.

Але дзве дэталі яшчэ мне запалі ў памяць аб тых закупах.

На сцяне гандлёвай залы я прачытаў такі надпіс: CRITICAL_PROCESS_DIED

Гэта проста, у нататкі. Звычайна такіх рэкламных кампаній не робяць і з надыходзячым Новым годам не віншуюць.

Больш цікава было то, што ў шкле дзвярэй адлюстроўваўся не я, а R2D2, той самы, з «Зорных войнаў».

На хвілінку я задумаўся, што R2D2 — сапраўдны беларус. Так жа незразумела для ўсіх навокал чырыкае, пастаянна трапляе ў пераплёты і працуе, як пракляты. І да таго ж, на працягу ўсей гісторыі, не сустракае нікога падобнага на сябе.

Я мацюкнуўся, паматаў галавой і працёр вочы.

Робат у адлюстраванні колькі разоў міргнуў, нібы сігнал быў з перашкодамі, а потым ён знік і там з’явіўся я з вылупленымі ад здзіўлення вачыма, з ашалелай фізіяноміяй.

Я яшчэ пастаяў трошкі, спрабуючы ўцяміць што-небудзь, а потым плюнуў і пайшоў на канцэрт.

Мо я, канешне, і вырашаю нешта ў гэтым свеце, але я зусім не ўсё магу ўсвядоміць. І наогул, хай конь думае, у яго галава вялікая.

Частка адзінаццатая. Сож

У тым двары, у якім адбывалася імпрэза, у звычайным свеце было нешта кшталту сцэны для ўсялякай самадзейнасці. Мабыць і самадзейнасць калі мела месца.

Ну ведаеце, не тое што сцэна, а такі памост, з якога зручна чытаць лекцыю аб шкодзе алкаголю, ці на тэму «ці ёсць жыццё на Марсе». Там звычайна ў добрае надвор’е кабеты ўзростам паболей вяжуць свае haute couture і плёткамі абменьваюцца. Ці дзеці фокусы паказваюць. А пад час дэпрэсіўных часін і алкашы могуць свае паказаць.

Ну такі элемент дэкору, наяўнасць сэнсу ў якім можна аспрэчыць.

То што я сказаў — гэта толькі мае асацыяцыі, я не архітэктар і не прэтэндую. Я проста абмалёўваю тое што бачыў, і што важна, грунтуючыся на ўласных пачуваннях і ўспамінах.

Маленькі памост.

Які тут і зараз раптам нееўклідавымі метадамі павялічыўся ў памерах, пераўтварыўся ў фірменную сцэну, якія звычайна стаяць на фэстах-мільённіках. Месца яна займала як маленькі памост, а аб’ём быў разоў у дзесяць болей. Таму музыкі на сцэне выглядалі мініятурнымі фігурамі. Над імі, на двух каласальных дысплэях па баках, якія віселі ў паветры трохі неяк наўскасяк, мільгацелі слайды, нейрасеткавыя выявы — жывёлы, дзівосныя людцы, іншапланетнікі, кугельбліцы і планкаўскія зоркі — а таксама друкаваўся тэкст песень.

Калі я дапоўз да месца, надвор’е было цяжка акрэсліць — гэта была быццам не вельмі гасцінная зіма, але з незвычайна моцным сонцам, якое літаральна прабівалася праз хмары. Так часам выглядае не самая ўдалая вясна. Але — вясна.

Каму ўжо было не адзначыць гэта, як не мне?
Вакол было насыпана снегу, але пад сцэнай яго месца займала трава вышэй за чалавечы рост. Чарот.

Чарот, пасярэдзіне снежнага гораду.
Чарот гэта чхаць хацеў на моцныя імпэты ветру, якія раз-пораз навальваліся на пляцоўку. Мне ад гэтага ветру было зусім няўтульна, але чарот… чарот рухаўся ў рытме музыкі, чарот рабіў як натоўп на канцэрце пад сцэнай, рады чароту хіба што не махалі козамі ў такт песень.

Чарот быў замест людзей, але паводзіў сябе як народ на фэсце. Я глядзеў на расліны і мяне брала атарапеласць. Я, сумленна, не ведаў, як рэагаваць на тое, што расліны як людзі, хаця з тым, што людзі бываюць як расліны — мне было не звыкацца.

Ой, што гэта? На сцэну выбягае кот-лангальер, ён бяжыць на дзвюх лапах, дзве яшчэ ўзнятыя да гары, бяжыць прытанцоўваючы, і скача пад музыку.

Музыкі глядзяць на яго без прыхільнасці, выглядам сваім паказваючы, што на сцэне ён трошкі залішні. Кот усміхаецца ва ўсю зяпу, як чэшырскі герой і разбегшыся, кідаецца ў чарот. Больш я яго не бачу.

Я прыйшоў пад завесу.

«Апошнія танцоры» зачынялі шоу.

«Унутры сябе мы не згубілі мора.
Які наш колер?»

Вар’яцее чарот, непагадзь звонку ірвецца сапсаваць свята ўсім, хто знаходзіцца на канцэрце, але мы тут быццам у капсуле. Мы па-за часам і прасторай у прасторы па-за прасторай і часам. Мы — анклаў.

Мы, курва, заўжды анклаў. Мы ў сябе, якія сышлі ў сябе.

«Мы так моцна змяніліся,
Мы не змяніліся ані кроплі».

Вось гэта зусім у яблычак. Нас разрывае гэта біпалярка, але яна стала часткай нас, а мы яе часткай, тое, што калісьці нарадзілася ў нашых сумневах, у нашых страхах, у нашых эйфарыях вырасла, стала на ногі, навучылася кавальскай справе і закавала нас у ланцугі. А мы…

А я — дакладна я, я гэтага не зазначыў. Я слухаў песню, глядзеў то на чарот, то на музыкаў і з пагардай згадаў як я не змог разбіць шкло з першага разу.

Але ж потым я скеміў скарыстаць тачку ў якасці тарану — значыць, розум не знік. Але канцэнтрацыю згубіў… і так бясконца можна было працягваць — абвінавачваць сябе ў чымсьці і тут жа адвакатаваць самому сябе.

«Які наш колер?»

Песня з яе гіпнатызуючай атмасферай развейвалася. Пытанне вісела ў паветры.

Я падумаў, што я бы сказаў, што наш колер бела-чырвона-белы, але гэта не колер, гэта спалучэнне колераў. Гэта не магло быць адказам.

Я падумаў, што наш колер… ну раней ён быў фіялетавы. Мо троху цяплейшы, не фіялетавы, а цыянавы. Мы былі халодныя і таксічныя.

Старажытны космас быў такога колеру, а потым прыйшла эпоха чырвонага зрушэння і ён стаў колеру бэж.

Наш колер бэж.

Бо мы як космас, які ані мікра, ані макра, дзесьці гарызантальна пасярэдзіне, дасканала пазбаўлены магіі, але мы — космас.

Я знаходзіўся ў натуральнай абстракцыі.

На імгненне я завіс недзе там, у планкаўскіх велічынях. Я стаў квантам свайго народу.

І я не магу абмаляваць, што я адчуваць, бо нават у нашай мове няма такіх словаў.

А потым я аправіўся, я апрытомнеў. Як толькі гэта магчыма ў Непрытомнасці наогул.

Сядзеў я на зэдліку, зусім не ў тым месцы, дзе быў канцэрт.

Надвор’е… яго не было.

Здавалася, была тая ж восень, але вецер адсутнічаў як канцэпцыя. Аніводнага руху паветра.

Я знаходзіўся недалёка ад магістралі, злева быў Мост Гальштукаў, а справа бачыўся будынак Vilnius Outlet. Па ідэі перад мной мусіла быць магістраль.

Але ўнізе цячэ Сож.

Я дастаю з заплечніку бутэльку квасу, адкручваю корак, раблю бальшэнны каўток напою і адчуваю, што мяне больш няма.

Эпілог

Я апрытомнеў. У сэнсе, канчаткова. У сэнсе, я вярнуўся ў рэальны свет.

Напэўна ад нязвыклага няроўнага моманту ў руху аўтобусу, у якім я ехаў у цэнтр Вільнюсу.

Гэта сапраўды рэдкая з’ява, каб транспарт на дарозе ў літоўскай сталіцы хаця б як спатыкнуўся. Тут і кіроўцы ўважлівыя, і дарогі роўныя.

Тут у аўтобусах зімой нават ацяпленне ёсць. Але тут ніхто гэтаму не здзіўляецца.

У мяне ў галаве прамільгацелі перажытыя бачанні. Скуль узялося гэта насланнё, на якіх дражджах яно ўзрасло, мне не зусім было зразумела. 

Быццам я ў бяспецы, пад абаронай літоўскай дзяржавы і Еўразвязу, але нешта ў душы пастаянна скрабецца, нейкая незразумелы сум, пазбаўлены злосці і шкадаванняў.

Я чуў, што ў Партугаліі гэта пачуццё завецца «Саўдады».

Калі ты сумуеш, але гэта не той славянскі сум з хаўтурамі і галашэннямі, гэта нешта светлае — настальгія, але без рэсентыменту.

Недарма я так люблю партугальскі фаду — я дарэчы і зараз яго слухаў, назіраючы за вільнюскімі вуліцамі.

Так, я нешта добрае страціў, частку жыцця.

Я страціў Гомель.

Я страціў Менск.

Я страціў Беларусь.

Мне страшна, што я не дажыву да моманту, калі там памруць усе крывасмокі і іх выпладкі.

Так, я смуткую, але ў гэтым мой катарсіс, мой цяжкі крок у будучыню.

Слоўмо крок.

Я страціў Беларусь, а разам з ёй страціў сваю маленькую Партугалію — Гомельшчыну, а чаму не? Мы жыхары поўдня, там нават часам так спякотна бывае, што ўдзень працаваць цяжка.

Менавіта Гомельшчына была заселена першымі краманьёнцамі ў Беларусі. З Гомельшчыны ў Беларусі пачыналася ўсё.

Так што хай будзе Партугалія. Можаце аспрэчваць, але зараз, слухаючы фаду, я вырашыў так.

У маім сэрцы светлы сум, а навокал — Вільнюс.

І я еду ў дэпартамент міграцыі, падаваць на працяг ВНЖ.

Я тут у гасцях усё ж, прынамсі пакуль.

У гасцях не тое што ў хаце, не паходзіш па хаце ў сподняму, не параскісаеш, трэба выглядзець камільфо.

А часам хочацца каб у трусах і абы як.

Што ж, можа неяк і атрымаецца.

Если вам нравится творчество Лесли Найфа, то вы можете поблагодарить автора, подписавшись на его Patreon здесь.


Все тру-шакалы только в этом Телеграме! ПодписывайсяТелега

Компонент комментариев CComment